«ТАМ ЦЯБЕ НЯМА»

17 снежня 2024

Сёння мы распавядзем вельмі цяжкую гісторыю адной з нашых калег-медыкаў, якая не збаялася выказать сваё меркаванне ў час пратэстаў і была за гэта жорстка пакараная ўладай, якая спужалася людзей, што імкнуцца да свабоды. Наталля – урач з Оршы. Пракаментаваўшы забойства Андрэя Зельцэра, яна знікла з дому і вярнулася амаль праз два гады.

Наша размова пачынаецца з фразы, якая сёння з вуснаў беларускага ўрача гучыць будзённа, а яшчэ пяць гадоў таму выглядала б абсалютна дзіка:

— Учора тэлефанавалі з крымінальнага вышуку. Гавораць, што трэба здаць адбіткі пальцаў і ДНК-матэрыял. Але ў мяне ўсё гэта ўжо бралі ў СІЗА, да таго ж следчыя ведаюць, што я з'ехала, мяне ўжо вышуквалі, бо я стаю на ўліку…

— Як здарылася, што ўсё гэта адбываецца зараз у вашым жыцці?

— Я працавала стаматолагам у другой паліклініцы Оршы. Усё ў мяне было добра, у 2020 годзе нават атрымала грамату ад Савета дэпутатаў — падзяку за працу ў час пандэміі (пасля, на судзе, мяне запэўнівалі, што гэты момант улічылі пры вынясенні прысуду).

Да 2020 года я фактычна ніякай палітычнай актыўнасці не выказвала. Але на гэтых выбарах паставіла свае подпісы за ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, хадзіла практычна на ўсе мітынгі, пачала вельмі шмат пісаць у інтэрнеце. Што змянілася? Думаю, мяне абурылі відавочныя фальсіфікацыі і хваля гвалту, што следам накрыла краіну.

У Оршы я памятаю толькі адзін вялікі мітынг, на якім мы прысутнічалі, затое на шэсці ў Мінск мы ездзілі фактычна штотыдзень, як на працу.

— У які момант вы адчулі на сабе, што быць апазіцыянерам у Беларусі небяспечна?

— Калі адбылася трагедыя з Андрэем Зельцэрам, я пакінула абураны каментарый у Сеціве. Заўважу, абуралася я тым, што само відэа забойства выклалі ва ўсеагульны доступ, дэманстравалі па тэлевізары, абсалютна нічога не заблюрыўшы. Выказалася ў тым сэнсе, што ў кагосьці «арэшкі падгніваюць». Наколькі магу меркаваць, менавіта за гэты каментарый мне і «прыляцела».

Забойства Зельцэра адбылося 28 верасня 2021 года. На наступны дзень я напісала пост, а ўжо каля гадзіны ночы мне патэлефанавалі і сказалі: па месцы прапіскі ў мяне ўзламваюць дзверы і трэба пад'ехаць. Я прыехала да пад'езду, убачыла — вакол усё ціха, толькі непадалёк стаіць міліцэйская машына. Адразу зразумела, што адбываецца, набрала сыну і папярэдзіла, што магу «прапасці». У гэты час да мяне падышлі міліцыянеры і прапанавалі прайсці ў міліцэйскую машыну, каб «некага дачакацца». Я адмовілася. Неўзабаве прыехалі супрацоўнікі КДБ, паказалі мой каментарый і прапанавалі паехаць з імі. Абяцалі хутка адпусціць. Але на волю я выйшла ўжо праз два гады.

— Што адбывалася ў гэтую ноч?

— Значную частку падзей я ўвогуле не памятаю, такі вялікі гэта быў стрэс. Мы прыехалі ў будынак КДБ, следчых было трое: адзін крычаў на мяне, другі — угаворваў пакаяцца. Кажуць, мяне вазілі ў міліцыю на вобшук, але я гэтага ўвогуле не памятаю. Пасля мяне накіравалі ў КДБ Віцебска, там я апынулася раніцай 30 верасня. Спрабавалі здымаць «пакаяннае відэа» — атрымалася, відаць, не вельмі добра, яго так і не паказалі. Параілі мне напісаць заяву з прабачэннямі на імя Тэртэля.

Па справе Зельцэра нас на той момант у Віцебску было тры жанчыны, усіх трох неўзабаве адправілі на Акрэсціна. Там я прабыла 6 сутак, у двухмеснай камеры нас сядзела 16 жанчын. І гэта яшчэ не самы горшы варыянт — мужчыны сядзелі па 30 чалавек на двухмесную камеру!

— Можаце прыгадаць якія-небудзь моманты вашага жыцця ў той час?

— Спалі покатам на падлозе, падціснуўшы ногі. І нават так тром чалавекам не хапала месца — даводзілася спаць седзячы, перыядычна мяняючыся. Адкрыта не білі, але рабілі балюча часта і без аніякае небходнасці. Напрыклад, на допыты вазілі ў пластыкавых сцяжках на руках, паставіўшы ў машыне на калені і тварам у падлогу. Калі вядуць, рукі за спіной выкручваюць так, што хочацца крычаць ад болю.

Не было ніякіх асабістых рэчаў, пасцельнай бялізны, прадметаў асабістай гігіены, кармілі праз раз.

Потым нас перавезлі ў Жодзіна. Там нас ужо «песцілі» — у васьмімеснай камеры знаходзілася ўсяго 14 чалавек. Наглядчыкі літаральна хваліліся: «Бачыце, для вас у нас паслабленне рэжыму». Атрымлівалася ўжо спаць у пасцелі, але па двое на кожным ложку. Пры гэтым набор пасцельнай бялізны — адзін на дваіх. На вуліцы ўжо кастрычнік, шыба зламаная, з яе дзьме, а камеры ніхто не ацяпляе — вельмі холадна.

Ніякіх асабістых рэчаў у нас усё яшчэ не было. Выдалі пасту, зубную шчотку, мыла і рулон туалетнай паперы на месяц. Туалетную паперу часам атрымлівалася выпрасіць часцей. У камеры сядзела дзяўчынка, якая сказала, што гэтыя наборы для зняволеных збірала ў Мінску разам з іншымі валанцёрамі.

Мы прасілі даць нам кіпень, каб сагрэцца. На ўсіх выдавалі два трохлітровыя чайнікі на суткі. Раніцай ваду з чайніка пілі, а ўвечары ёю мыліся. Трэба разумець што гурткі аднолькавыя, пазначаць іх забаранялася. Раніцай ты з іх п'еш, а ўвечары — мыешся. Хто мыўся з тваёй гурткі ўчора — не ведаеш.

— Колькі часу вы правялі ў такіх умовах?

— У Жодзіне я прабыла паўтара месяцы. Увесь гэты час, з моманту, калі ноччу 29 верасня паехала праверыць, што адбылося з маёй кватэрай, я знаходзілася ў поўнай ізаляцыі: ніводнага пісьма, ніводнай сустрэчы ці тэлефоннай размовы з роднымі. Яны не ведалі, што адбываецца са мной, а я — што з імі. Адваката да нас дапусцілі адзін раз, і толькі для таго, каб яны ў прысутнасці нас і следчага падпісалі паперы і адразу выйшлі.

Кожны дзень нам уключалі запіс з адным і тым самым выступам Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе. Гэта нейкі жах! Я, здаецца, кожнае слова вывучыла з гэтага дурнога «стэндапа».

— У Жодзіне над вамі здзекваліся неяк яшчэ, акрамя стварэння нечалавечых побытавых умоў у турме?

— Шчыра кажучы, мне здаецца, кожны выпадак узаемадзеяння з адміністрацыяй быў здзекам. Нам выдавалі толькі тую ежу, якую яны хацелі. Мы не атрымлівалі передачы, не маглі набыць што-небудзь у турэмнай краме. Штодзённа праводзіліся ператрусы — нас усіх выводзілі ў калідор, строілі ўздоўж сцяны. Ад цябе патрабуецца стаць у ненатуральную, зневажальную позу: калі расстаўляеш ногі не так шырока, як ім хочацца, цябе балюча б'юць па ўнутраных баках лытак. Могуць дубінкай прыціснуць тварам да сцяны. Ператрус у камеры — гэта мэтанакіраванае стварэнне хаосу: усе пасцелі пераварочваюцца і скідваюцца на падлогу, уся туалетная папера разматваецца, як серпанцін на свяце.

— Як з вамі размаўлялі?

— Бясконцае хамства. З намі была Эма Антонаўна, жанчына сталага веку, якая сустрэла ў турме сваё 70-годдзе. Усе гэтыя здзекі з ператрусамі і выстрайваннем каля сцяны ёй было вельмі цяжка трываць. У час першых ператрусаў нас выводзілі з камеры і ставілі ў калідоры на кукішкі. Ты прысядаеш, падымаеш рукі ўгору далонямі вонкі, калені ўпіраюцца ў сцяну. І так трэба стаяць, пакуль у камеры ідзе «ператрус». Гэта цягнецца даволі доўга: рухацца нельга, ногі вельмі моцна стамляюцца і пачынаюць нямець. Эма Антонаўна на кукішках не ўтрымалася  і ўпала. На яе пачалі раўці: «Чаго ты хацела, старая? Навошта палезла ў палітыку?».

Пасля гэтага нас пачалі проста ставіць тварам да сцяны.

Мне здаецца, само па сабе стаўленне да нас было больш страшным, чым любая лаянка і крыкі. У табе увесь час бачаць не чалавека, а непатрэбную рэч, з якой могуць зрабіць усё, што захочуць. Гэта вельмі цяжка перажыць, асабліва людзям, якія цэняць свабоду і індывідуальнасць. Пры гэтым да звычайных (не ппалітычных) зняволеных стаўленне было куды больш чалавечнае.

— Што было далей?

— Да гэтага моманту ў нас у камеры былі толькі «палітычныя», і вось нам гавораць: «Усё, пераязжаеце ў звычайныя камеры». Мяне перавезлі ў СІЗА Віцебска, там я прабыла год. Там ужо да нас дапусцілі адвакатаў, дазволілі сустрэчы і лісты. Але пры гэтым пачалі праводзіць рэгулярныя (спачатку — раз на тыдзень, а па святах — два разы за суткі) голыя вобшукі. Усё гэта гранічна зневажальна і адбываецца пад камерамі. Мы разумелі, што, хаця абшуквалі нас жанчыны, у пакоі, дзе ўсталяваныя маніторы ад гэтых камер, як правіла, знаходзяцца мужчыны.

На Акрэсціна і ў Жодзіне нам катэгарычна забаранялі глядзець на турэмшчыкаў. У Віцебску, наадварот, патрабавалі глядзець на таго, хто гаворыць.

Наталля прызнаецца, што доўга не магла гэта зрабіць, такую агіду выклікаў у яе від супрацоўнікаў турмы.

— Калі вы ўпершыню ўбачылі родных?

Першая сустрэча адбылася ў ліпені 2022 года, праз 11 месяцаў пасля затрымання. Калі ўбачыла сына, спрабавала трымацца, але ўсё ж такі расплакалася. З людзьмі ў турме, у ізаляцыі, адбываюцца перамены — ты пачынаеш бачыць падзеі інакш. Я хацела нават адмовіцца ад сустрэчы, таму што мне было сорамна, што я прынесла блізкім столькі непрыемнасцей.

А 1 лістапада 2022 года вынеслі прысуд — два гады агульнага рэжыму за знявагу Лукашэнкі. Адбывалася гэта за закрытымі дзвярыма, мне сказалі: «у мэтах нераспаўсюджання тайны». Якой тайны? Каментарый пра «арэшкі, што падгніваюць» не ўлічылі — экспертыза вырашыла, што ёй незразумела, што я мела на ўвазе. Затое знайшлі каментарыі «пачвара пляшывая» и «пі**ун», пакінутыя з розніцай у два тыдні. Адзін палічылі злачынствам, а другі — рэцыдывам.

Мне падалося, суд закрылі таму, што калі б на ім прысутнічалі людзі, было б складана растлумачыць ім, за што чалавека пасадзілі на два гады.

Усім, каго затрымалі па справе Зельцэра, прысуды выносілі як пад капірку: жанчынам — ад 2 да 2,5 гадоў, мужчынам — ад 3 да 3,5 гадоў.

У калонію я паехала 15 лістапада. Мне заставалася адседзець 4 месяцы.

— Адчулася палёгка, што гарызонт, калі надыдзе свабода, ужо вызначаны?

— Так, канешне. Але апошнія 4 месяцы мне, здаецца, даліся цяжэй, чым усе папярэднія. Умовы ў калоніі вельмі няпростыя. За табой сочаць не толькі супрацоўнікі, але і многія зняволеныя. Размаўляць з кім-небудзь, дзяліцца перажываннямі небяспечна. Як толькі бачаць, што ты с кімсьці зблізілася, адразу разводзяць па розных атрадах. Цябе нібыта цалкам пазбаўляюць свайго «я». Дзень падначалены распарадку, на які ты не ў стане як-небудзь паўплываць. Табе гавораць, калі легчы і калі прачнуцца, што апрануць, што есці, куды исці, чым займацца. Калі ўзнікае вольны час — яго запаўняюць абсалютна бессэнсоўнай, зневажальнай працай, напрыклад, збіраць лужыны пад дажджом анучамі.

У мяне ў калоніі нібыта адключыліся ўсе думкі. Я не думала, дала себе зарок: усё буду аценьваць потым. Зараз нельга праводзіць ніякую працу над сабой, таму што можна сябе знішчыць.

Я бы апісала гэты стан так — там цябе няма.

— Памятаеце дзень вызвалення?

— Гэта быў жахлівы дзень. 15 сакавіка 2023 года мяне выпусцілі каля дзвюх гадзін дня. Але чаканне гэтага моманту — гэта страшная пакута. У галаве віруюць думкі: «А раптам не выпусцяць? А раптам усё гэта працягнецца?». Яны невыносныя. З намі сядзела журналістка Каця Андрэева. Яе павінны былі вызваліць, але тэрмін працягнулі на шесць гадоў. Такое цяжка перажыць.

Поклікалі «на выхад». Аператыўны супрацоўнік папярэдзіў, каб мяне ніхто не сустракаў каля варот турмы. Але муж з сынам нікога не паслухалі — чакалі мяне проста на выхадзе. Выйшла, убачыла іх адразу. Павярнулася ў іншы бок — убачыла аператыўніка. Адчувала хутчэй не радасць, а спалоханасць. Вельмі моцнае ўражанне пакінула калонія, якую я ўпершыню убачыла звонку. Калі апошні раз глядзела ў той бок, уявіла ўсіх тых дзяўчат, якія засталіся ўнутры, — мне было іх неверагодна шкада. Там вельмі шмат добрых людей.

Вярнуўшыся дадому, я не адчула ніякае палёгкі. Трывога засталася, я ўвесь час баялася, што ўвесь гэты жах можа аднавіцца. З працы мяне звольнілі адразу пасля суда. Тэрор не спыніўся — праверкі прыязжалі дадому па два разы за суткі, у тым ліку ноччу. Раз на тыдзень трэба было прыходзіць у міліцыю адзначацца і наведваць «асветніцкія» лекцыі: аб працы, патрыятызме, дзяржаўных сімвалах і г. д. Акрамя гэтага, справу супраць мяне адразу адкрылі па 130 артыкуле КК — «Узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці». Пра яе ў любы момант маглі «ўспомніць», а гэта — тэрмін да 5 гадоў.

Трываць усё гэта вельмі складана. Таму мы вырашылі з'ехаць.

***

За час нашай размовы Наталля некалькі разоў перапынялася — ёй было цяжка гаварыць. Яна ўжо даўно працуе з псіхолагам і лічыць, што пачаў з'яўляцца прагрэс. Некаторыя жахлівыя рэчы дагэтуль не выклікаюць у яе яркіх эмоцый, толькі слёзы. Дагэтуль, калі ў яе пытаюцца, што яна адчувае ў дачыненні да супрацоўнікаў турмы, якія над ёй здзекваліся, яна разумее, што нічога не можа адчуваць. Пры гэтым яна памятае, што нянавісць была ў першыя месяцы, але пазней яе «задушылі».

Зараз Наталля з сям'ёй знаходзіцца ў бяспецы, за тысячы кіламетраў ад Беларусі. На новым месцы ёй прыходзіцца нялёгка — зарабляць на нармальнае жыццё пакуль атрымліваецца складана.

ПОДДЕРЖАТЬ БЕЛЫЕ ХАЛАТЫ
Благодаря вашим донатам мы продолжаем работу и делаем ее профессионально

Читайте также