Фуфламіцыны часта прызначаюцца там, дзе доказная медыцына гаворыць, што лекі альбо не патрэбныя, альбо на сёння эффектыўных біялагічных сродкаў не існуе. Гэта стварае пэўны «вакуум». Чакаюць і пацыент, і лекар, сам ад сябе, прызначэння пэўных медыкаментаў, калі выяўлена захворванне, пастаўлены дыягназ. І ўзнікае сітуацыя, у якой часта гучыць фраза накшталт «Ну зрабіце хоць што-небудзь».
І вось такім «што-небудзь» і з’яўляюцца фуфламіцыны. Нібыта лекар і робіць, што «павінен» – прызначае медыкаменты. Ён можа нават сам добра разумець, што не варта ад іх чакаць клінічнага эффекту. Але так спакойней і пацыенту, і яму самому. Тым больш, што рэальнай шкоды ад фуфламіцынаў звычайна чакаць не варта. Без эффекту, але адносна бяспечна.
Так, такая схема сапраўды можа працаваць і прыносіць пэўную палёгку пацыенту на узроўні плацэба.
Але шкода можа быць звязана не толькі з біялагічнымі наступствамі (у гэтым сэнсе фуфламіцыны сапраўды ў большасці сваёй адносна бяспечныя). Такая схема стварае ілюзію. І менавіта ў ёй можа хавацца небяспека. І пацыент, і лекар знаходзяцца ў іллюзіі, што яны нібыта нешта робяць, нібыта нешта адбываецца і павінна прывесці да пэўнага выніку. А на самой справе пры такім падыходзе чакаць яго не варта.
Так, напрыклад, дзіцяці з РАС (расстройства аўтыстычнага спектру) патрэбная псіхолага-педагагічная дапамога, але ўсе чакаюць чараўніцтва ад умоўнага фенібуту ці картэксіну. А час ідзе і з яго цягам дзіця ўсё больш страчае магчымасць кампенсаваць, развіць ці адаптаваць пэўныя навыкі і функцыі.
Так чалавек с цукровым дыябетам, замест таго, каб сачыць за ўзроўнем цукру і карэгаваць дыету, разлічвае, што умоўны кавінтон абароніць яго сасуды і прадухіліць ускладненні хваробы.
Гэта ўсё пра фуфламіцыны. Але чаму я ў назве згадаў палітычную барацьбу? Вельмі часта чую ад знаёмых, у дачыненні да сітуацыі ў Беларусі, усё тую ж фразу, з якой часта стартуе прызначэнне фуфламіцынаў: «Трэба рабіць хоць нешта”. Так, згодны, сядзець, склаўшы рукі і нечага чакаць – ідэя не з лепшых. Але і пайсці за гэтым «хоць нешта» – таксама шлях у нікуды. Дакладней, гэта шлях да іллюзіі.
Іллюзіі, што мы нешта рабім і абавязкова павінен быць вынік. Але на самой справе гэта зусім не абавязкова. Сродкі палітычнай барацьбы, звяржэння дыктатуры, як і лекавыя прэпараты – зусім не абавязкова ўсе працуюць. І мы можам невызначальна доўга працягваць «нешта рабіць», веруючы ў абавязковы добры вынік, і так і пакінуць нашым нашчадкам Беларусь, уцягнутую ў дэспатызм, цемрашальства і фашызм.
Так, напрыклад, досвед паказаў, што з дыктатурай не працуюць мірныя сродкі – мітынгі, звароты, забастоўкі і г.д. Усе гэтыя сродкі добрыя для дэмакратый, калі яны для ўлады з’яўляюцца сігналам пачаць размаўляць з народам. Але дыктатура не размаўляе з народам. Яна толькі аддае загады і рэпрэсуе.
І, як і з фуфламіцынамі, такая ілюзія можа добра падтрымлівацца фактарам бяспекі – нешта робім і, галоўнае, застаемся ў бяспецы.
Безумоўна, бяспека – важны фактар. Як мінімум, таму шта з-за кратаў зусім нічго нельга зрабіць. Але, памятаючы пра бяспеку, не трэба забываць і пра эффектыўнасць.
Так, ведаю, вы скажаце: «Як ты такі разумны і крытыкуеш ініцыятывы, дык прапануй альтернатыву!» У мяне, верагодна, як і амаль ва ўсіх беларусаў няма гатовага рэцапту, алгарытму накшталт «робім так, потым так і будзе нам шчасце». У мяне няма пілюлі з даказанай эфектыўнасцю ад гэтай хваробы. Але гэта не значыць, што яе не існуе.
І мая прапанова ў тым, што, па-першае, не трэба чакаць, пакуль гэтую пілюлю хтосці выцягне з кішэні і падаруе нам, або я, або лідэры дэмсіл, або іншыя краіны. Гэта яшчэ глыбей апускае нас у бездапаможнасць, якой у нас і так занадта. А, па-другое, шукаць гэтае рашэнне (кожнаму з нас) патрэбна не зыходзячы з прынцыпу «рабіць нешта», а мэтанакіравана. І тут я зноў скарыстаюся аналогіяй з лекамі. У дзейных лекаў існуе механізм дзеяння. Не нейкі аморфны, а заснаваны на дакладным разуменні таго, як пэўнае рэчыва будзе «працаваць» з пэўнымі біяхімічнымі і фізіялагічнымі працэсамі і выпраўляць паталагічныя механізмы. Менавіта абгрунтаванае разуменне гэтага і робіць праваздольным меркаванне, што менавіта гэты лекавы сродак будзе ў канкрэтным выпадку эффектыўным.
Толькі разуменне таго, што з сябе ўяўляе дыктатура, на якіх прынцыпах і механізмах яна працуе, чым яны кардынальна адрозніваюцца ад нармальных механізмаў у дэмакратычным цывілізаваным грамадстве, дазволіць нам зразумець менавіта як яе можна перамагчы, замест таго, каб у сляпой надзеi рабіць «хоць што-небудзь».