Ксенія прайшла гэты шлях і ўжо больш за год дапамагае іншаземным лекарам рыхтавацца да экзамену на пацвярджэнне медыцынскага дыплома ў Польшчы. Мы пагаварылі з Ксеніяй пра тое, як узнікла гэтая ініцыятыва, чым можа здзівіць польская сістэма аховы здароўя і як адважыцца працягнуць медыцынскую кар’еру ў эміграцыі.
— Чаму вы вырашылі пакінуць краіну?
— Пасля падзей 2020 года некаторы час удавалася пазбягаць палітычнага ціску, але гэта доўжылася нядоўга. Нас пачалі запалохваць, пагражалі разлучыць з дзецьмі, а потым дэпартавалі мужа, які хадзіў на пратэсты разам са мной (ён 20 гадоў пражыў у Беларусі, але дагэтуль мае расейскі пашпарт). Два з паловай месяцы мы спрабавалі змагацца, падавалі апеляцыі, але гэта не дало вынікаў.
Калі мужа выслалі на тры гады з краіны, вырашыла не жыць са страхам, што мяне пасадзяць, і таксама з’ехаць. Планавалі спакойна падрыхтавацца да пераезду ў Польшчу. На жаль, спакойна не атрымалася: рашэнне давялося прымаць за чатыры дні.
Дзве торбы. Двое дзяцей. Старэйшага сына перавезлі пазней. Ехалі ў Смаленск, потым аб’язджалі Беларусь і праз расейска-ўкраінскую мяжу дабіраліся да Кіева, а ўжо з Кіева — у Польшчу (гэта адбывалася да поўнамаштабнага ўварвання Расеі – рэд.).
— Што стала самым важным у першыя месяцы ў Польшчы?
— Першы час я думала пра адаптацыю сваіх дзяцей. Разумела, што трэба дапамагчы ім уліцца ў школьную сістэму. Разам вучылі польскую. Усё з нуля. Я не заўважала, што знаходзілася ў жудасным дэпрэсіўным стане: адмаўлялася ад прыняцця краіны, не хацела вучыць мову.
Калі мае калегі казалі мне: «Давай падаваць дакументы, цяпер COVID, усіх бяруць», — думала толькі пра тое, як магу пайсці працаваць, калі трэба быць з дзецьмі. Малодшаму на той момант было пяць гадоў. А што, калі ён захварэе і не зможа хадзіць у садок? У сярэдняй дачкі былі праблемы з адаптацыяй у школе: яна адмаўлялася туды хадзіць.
— З якога моманту жыццё ў эміграцыі стала лягчэйшым?
— Сапраўды, быў такі пераломны момант. Гэта адбылося, калі я выйшла з дому ў шырокім сэнсе — перастала быць выключна маці, якая дапамагае дзецям адаптавацца, і гаспадыняй.
Раней я яшчэ не думала пра вяртанне ў медыцыну, хаця распачынала спробы знайсці працу, напрыклад, уладкавацца рэгістратаркай у паліклініку ці апякункай. Рассылала сваё CV, але не атрымлівала адказаў. Нельга сказаць, што я нічога не рабіла: цягам паўтара года я навучалася польскай на бясплатных курсах, арганізоўвала мерапрыемствы для беларускай дыяспары,
Пералом адбыўся, калі я даведалася пра праграму стажыроўкі ад Fundacja Ocalenie у Лодзі. У 2023 годзе, калі вайна ўжо ішла, гэтая арганізацыя дапамагала бежанцам — як беларусам, так і ўкраінцам. Яны прапанавалі стажыроўку ў IKEA з мэтай моўнай адаптацыі. Два разы на тыдзень у нас былі заняткі па польскай мове: мы чыталі, пісалі, размаўлялі. Акрамя таго, мы кантактавалі з палякамі, і я нават працавала на выдачы тавараў. Гэтыя паўгода праляцелі вельмі хутка, і мне спадабалася знаходзіцца ў мясцовым асяроддзі. Тады я зразумела: усё не так дрэнна, і, магчыма, варта рухацца далей.
Я пачала задумвацца пра курсы. З’явілася невялікая зарплата стажора — каля 2000 злотых, што палегчыла фінансавы бок навучання. Хаця спачатку ў мяне не было дакладнай мэты, але сама ідэя ўжо жыла ўва мне. Плюс да ўсяго, стала цікава: як працуюць дактары ў Польшчы, колькі яны зарабляюць, які ў іх статус?
Пытанні пра будучыню рабіліся больш канкрэтнымі: мы жывём на здымнай кватэры, а можа быць, было б нядрэнна збіраць на ўласнае жытло? Бо ў Беларусі ў нас заставалася свая хата, добрая праца, блізкія.
— Пачаць кар’еру лекара наноў у чужой краіне можа быць вельмі страшна. Што дапамагло пераадолець гэты страх?
— Вядома, страх быў. Я ўсведамляла, што доўгі час не практыкавала, і шмат чаго забылася. Узнікала адчуванне, што ў галаве ўтварылася пустата. Разумела, што, перш чым выйсці на працу, трэба не толькі прайсці складаны працэс пацвярджэння дыплома, але і вывучыць усе нюансы ўласцівыя польскай сістэме. Плюс да ўсяго, у Польшчы адрозніваецца медыцынская тэрміналогія. Мне трэба было вучыцца з нуля.
Аднак я таксама разумела: калі баяцца, нічога не будзе. Калі я здала экзамены, мяне прыраўнялі да выпускніка ўніверсітэта і адправілі на стажыроўку (нашая інтэрнатура), фактычна праходзіць шлях маладога лекара. Гэта мяне цалкам задавальняла. Страх паступова адыходзіў, бо так ты вяртаешся ў медыцыну паступова, а не апынаешся ў ёй адразу ж.
— Чым адрозніваецца праца ўчастковага тэрапеўта ў Беларусі і ў Польшчы?
— У Беларусі ў твае абавязкі ўчастковага тэрапеўта ў асноўным уваходзіць выпіска рэцэптаў, афармленне і закрыццё лісткоў непрацаздольнасці, працяг лячэння ў спецыялістаў. Аналаг участковага тэрапеўта ў Польшчы — гэта lekarz rodzinny (урач агульнай практыкі – рэд.). Яны працуюць на зусім іншым узроўні. Трэба ўмець чытаць ЭКГ, рэнтген, інтэрпрэтаваць усе аналізы, што важна, бо шмат якія скарачэнні на англійскай мове і шмат іншага. У Беларусі, працуючы ў паліклініцы, часам адчуваеш, што не развіваешся, а дэградуеш.
— Што можа падацца незвычайным для беларускага лекара ў польскай сістэме аховы здароўя?
— У нас у краіне лекар пасля года інтэрнатуры сам ставіць пячатку і нясе поўную адказнасць за свае рашэнні. У Польшчы ж, каб стаць цалкам самастойным, трэба прайсці 4-5 гадоў рэзідэнтуры, і ўвесь гэты час нехта нясе за цябе адказнасць. З-за гэтага можа здавацца, што лекар тут не развіваецца так хутка, у яго вопыце няма таго «адрэналіну», які дапамагае хутчэй «сталець».
Акрамя таго, у Беларусі, як мне здаецца, больш эмпатыі да пацыентаў. Таксама мы згодныя працаваць больш, бо стандартнай зарплаты не хапае. Польскі лекар ніколі не пагодзіцца працаваць за той жа заробак, за які ўсё яшчэ працуюць лекары ў Беларусі.
Яшчэ ўражвае, што ў Польшчы лекар можа працаваць як індывідуальны прадпрымальнік. Гэта магчыма літаральна адразу пасля завяршэння спецыялізацыі (але не ўсе нюансы мне яшчэ вядомыя). Я не памятаю, каб у Беларусі гэта было лёгка рэалізаваць.
— Паглядзім з іншага боку: што нязвычна для беларускага пацыента ў Польшчы?
— Адна з нязвыклых рэчаў — працяглае чаканне прыёму ў спецыяліста, калі гэта бясплатнае лячэнне па страхоўцы. Людзі могуць чакаць па паўгода або нават год. Польскія пацыенты звыклі да гэтага: яны ведаюць, што калі хочуць прайсці абследаванне хутчэй, трэба плаціць. Гэта стала часткай іх культуры, і яны спакойна да гэтага ставяцца.
Калі б у Беларусі пацыенту сказалі ў паліклініцы, што запісацца на абследаванне ён можа толькі праз год, хутчэй за ўсё, ён пайшоў бы скардзіцца «вышэй». У Польшчы, калі пацыент вырашыць скардзіцца, пракурор стане на бок лекара, бо так працуе сістэма. У Беларусі ж, калі пацыент скардзіцца, загадчык адразу прыбягае да лекара і патрабуе напісаць якую-небудзь паперу.
З пазітыўных момантаў: калі ты прыязджаеш у SOR (прыёмнае аддзяленне ў Польшчы – рэд.), і лекар бачыць падставы для правядзення шырокай дыягностыкі, то табе зробяць усе неабходныя даследаванні проста на месцы. Гэта не толькі аналізы крыві ці вымярэнне ціску. Табе могуць зрабіць УГД, камп’ютарную тамаграфію, МРТ. Выдатна.
Яшчэ мне вельмі падабаецца, як у Польшчы ты, як пацыент, атрымліваеш вынікі аналізаў. Іх высылаюць на электронную пошту цягам 1-2 дзён. Даступнасць прыватнай медыцыны, калі ў цябе ёсць сродкі, таксама на высокім узроўні. У кожным раёне горада ёсць стаматалагічныя і іншыя прыватныя клінікі.
— Колькі можа зарабляць беларускі лекар у Польшчы? Ці хапае на жыццё?
— Падчас праходжання стажыроўкі, лекар можа атрымліваць прыблізна 7 тысяч злотых брута за месяц працы. Пасля стажыроўкі — усё залежыць ад таго, на якую аплату ты дамовішся. Гэта можа быць ад 150 злотых брута за гадзіну. Беларускія лекары ў Польшчы часта самі зніжаюць сваю цану, згаджаюцца працаваць за меншыя грошы, чым маглі б. Напрыклад, мы згаджаемся на 80 злотых брута за гадзіну працы, у той час як польскія лекары могуць зарабляць удвая больш. Калі лекар упэўнены ў сабе, ён можа атрымліваць больш. Усё залежыць ад таго, колькі пацыентаў да яго прыходзіць, таму што пацыенты ў Польшчы могуць самі абіраць лекара. У выніку, адзін лекар можа атрымліваць 100 злотых у гадзіну, а іншы — 200, у залежнасці ад яго кваліфікацыі.
Калі я працавала ў Беларусі ў 2016 годзе як участковая тэрапеўтка, мой заробак быў 650 рублёў. Гэта было прыкладна 300$ па тагачасным курсе. У параўнанні з палажэннем лекараў у Польшчы — усё інакш. У Польшчы сям’я з пяці чалавек (я, мой муж і трое дзяцей) здымае жыллё за 700 даляраў у месяц. Як шматдзетная сям’я, мы атрымліваем дзіцячыя дапамогі: 200 даляраў на кожнае дзіця. Гэта дадае каля 600 даляраў у сямейны бюджэт. Сумарна на харчаванне і ўсе расходы ў нас застаецца прыблізна 300-400 даляраў. У першы год мы змаглі нават паехаць на мора і купіць машыну.
— Як узнікла ідэя дапамагаць іншым лекарам?
— Калі я праходзіла стажыроўку на медыцынскім транспарце ў Польшчы і ўбачыла «ўнутраную кухню», зразумела, што мяне тут не ўспрымаюць як лекара, пакуль я не пацверджу дыплом і не атрымаю сапраўднае PWZ (дазвол на працу лекарам – рэд.). Гэта стала для мяне матывацыяй пацвердзіць дыплом: падала дакументы на моўны экзамен і ўжо ў студзені 2024 года атрымала запрашэнне. Пачала рыхтавацца. У экзамене ёсць частка з дыктоўкай. У працэсе падрыхтоўкі мне прыйшла ідэя запісваць аўдыя для трэніроўкі — спачатку для сябе, але потым многія калегі сталі звяртацца да мяне па дапамогу. Я запісвала дыктоўкі ў тэмпе, які падыходзіць для экзаменаў. На сённяшні дзень у мяне запісана больш за 60 дыктовак, і многія калегі здалі экзамен, выкарыстоўваючы іх.
Потым мы пачалі праводзіць анлайн-сустрэчы. Гулялі ролі лекара і пацыента, трэніруючы гутарковую частку. Я пачала дапамагаць не толькі з дыктоўкамі, але і з усімі часткамі. З 20 чалавек, якія рыхтаваліся з намі, усе здалі з першага разу.
Калі я здала экзамен у NIL (медыцынскі моўны экзамен Вярхоўнай медыцынскай палаты ў Польшчы – рэд.), працягнула падрыхтоўку да настрыфікацыі. Мы стварылі групу для абмену матэрыяламі: абмяркоўвалі тэсты, вырашалі іх разам на анлайн-сустрэчах. Усе сустрэчы праходзілі бясплатна.
У кастрычніку, пасля таго як я здала настрыфікацыю, каманда папоўнілася: мы сталі праводзіць заняткі яшчэ з двума калегамі. Цяпер сустрэчы доўжацца дзве гадзіны: адна гадзіна прысвечана тэорыі, другая — тэстам. Кожная сустрэча-лекцыя мае пэўную тэму, г.зн. можна абраць з прапанаваных, што вам цікава, што неабходна для падрыхтоўкі (гінекалогія, педыятрыя, псіхіятрыя і г.д.), і запісацца, аплаціўшы невялікую суму.
— Напэўна, важная не толькі магчымасць вучыцца разам, але і кантакт з «калегамі па няшчасці»...
— Вучыцца разам добра яшчэ і таму, што ты знаходзіш разуменне сярод калег. Як прыемна часам паскардзіцца чалавеку, які цябе зразумее, бо ён сам ведае, як гэта складана: «Навошта я мушу вучыцца педыятрыі, калі я ніколі не буду лячыць дзяцей?» Але без гэтых ведаў экзамен не здаць.
Цяпер мы рыхтуемся да LEK (медыцынскі выпускны экзамен – рэд.). Я таксама на яго іду. Калегі, з якімі праводзім лекцыі, таксама рыхтуюцца да гэтага экзамену, і потым мы выходзім на staż podyplomowy (інтэрнатуру). Сустрэчы ўсё роўна будуць праводзіцца, бо такая дапамога актуальная. Ёсць людзі, якія са мной ужо чатыры месяцы, а ёсць тыя, хто з мінулага студзеня: пачынаючы з моманту, калі мы пачалі рыхтавацца да моўнага экзамену і настрыфікацыі.
Гэта ўжо стала маёй працай. Для таго, каб падрыхтавацца да лекцыі, мне трэба выдаткаваць 4-6 гадзін без перапынку. Звычайна я рыхтуюся цягам некалькіх дзён, размяркоўваючы час, а перад самай лекцыяй паўтараю матэрыял, прамаўляю яго, пераглядаю ўсю інфармацыю зноў.
Падчас вучобы было значна цяжэй. Уся сям’я пакутавала. Я з раніцы да ночы сядзела за камп’ютарам, чытала тэорыю, канспектавала. Мой вопыт падказвае, што такія анлайн-сустрэчы, дзе ты кантактуеш з калегамі і праходзіш гэты шлях разам, дапамагаюць заставацца сканцэнтраваным і не здацца. Нікому не лёгка. Няважна, з якімі адзнакамі ты скончыў універсітэт, ці наколькі арганізаваны. Але я веру, што праца — узнагароджваецца.
Калі вы — лекар, і хочаце пацвердзіць медыцынскі дыплом у Польшчы, тэлеграм-група Nostra_2025 (https://t.me/nostra_2024), заснавальніцай якой з’яўляецца Ксенія, можа аказаць вам вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы да экзаменаў. У групе вы знойдзеце не толькі расклад сустрэч, але і матэрыялы, якія дапамогуць лепш засвоіць тэмы.
Гісторыя беларускі, якая пацвердзіла медыцынскі дыплом у Польшчы і цяпер дапамагае ў гэтым іншым.
Разбираем, кто есть кто в сфере ментального здоровья