Вынікі 2024-га, частка чацвёртая

28 студзеня 2025

Мы працягваем падводзіць вынікі мінулага году для беларускай аховы здароўя. У папярэдніх пастах мы ўжо пісалі пра падрыхтоўку Кодэкса аб ахове здароўя, абмеркавалі праблемы з кадрамі і даследавалі, што у медыкаў з заробкамі. Сёння пагаворым пра рэпрэсіі, якія ў Беларусі не спыняюцца, у тым ліку і ў сферы аховы здароўя.

Нагадаем, што палітычныя рэпрэсіі, якія разгарнуліся супраць цывільнага грамадства ў 2020 годзе, закранулі ўсе слаі насельніцтва. Кантэкст, які склаўся ва ўмовах пандэміі COVID-19 і электаральнай кампаніі, якая наклалася на яе, уцягнуў медыцынскую супольнасць ў гэтыя працэсы адной з першых.

Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці дакументуе ўсе выпадкі рэпрэсій ў дачыненні працаўнікоў сферы аховы здароўя, пачынаючы з жніўня 2020 года. Канешне, магчымасці атрымання звестак ў сённяшніх умовах вельмі абмежаваныя, а іх аналіз з прычыны фрагментарнасці гэтых дадзеных ускладнены. Мы збіраем інфармацыю з адкрытых крыніц або напрамую ад асоб, якія паведамляюць пра ўласныя затрыманні. Тым не менш, мы ўпэўнена заяўляем, што колькасць задакументаваных выпадкаў рэпрэсій у сферы аховы здароўя заніжана ў разы.

Напрыклад, нам дакладна вядомыя выпадкі «аблаваў» на супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя (не менш чым пяці чалавек), пры якіх не ўдалося высветліць імёны ўсіх затрыманых.

Таксама маем інфармацыю пра многія выпадкі, калі вядомыя горад, установа аховы здароўя і спецыяльнасць, але невядомае імя супрацоўніка. Такія прэцэдэнты былі выключаныя з нашага аналізу. Таксама варта адзначыць нераўнамернасць у наяўных дадзеных: мы валодаем больш поўнай інфармацыяй у асобных гарадах (і нават асобных установах аховы здароўя), але адначасова можам не мець ніводнага ўпамінання ў іншых.

Тым не менш гэта ўсё роўна дазваляе рабіць некаторыя высновы і праводзіць экстрапаляцыю дадзеных, няхай і з пэўнай ступенню дапушчэння.

З жніўня 2020 года па снежань 2024 года намі была атрымана інфармацыя пра 299 работнікаў сферы аховы здароўя, якія патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі. У базу дадзеных ўнесены выпадкі затрымання або зняволення ў турму 141 жанчыны і 158 мужчын (малюнак 1). Хаця гэтыя звесткі няпоўныя, яны дакладна паказваюць, што праз турмы і аддзяленні міліцыі (РАУС) прайшла колькасць медыкаў, параўнальная з персаналом невялікай клінікі. Для разумення маштабу: у Кобрынскай ЦРБ працуе ўсяго 300 урачоў.

Найбольшая колькасць выпадкаў, якія мы змаглі дакументаваць, датычылася спецыяльнасці анестэзіёлага-рэаніматолага: у гэтай галіне спецыялізавалася 40 затрыманых.

Акрамя таго, былі затрыманыя 30 хірургаў, 23 медсястры, 18 студэнтаў медыцынскіх ВНУ. Сярод іншых затрыманых спецыялістаў — уролагі, анколагі, неўролагі і прадстаўнікі шэрагу рэдкіх у Беларусі медыцынскіх спецыяльнасцей, а таксама 1 галоўны ўрач, сама меней 15 загадчыкаў аддзяленняў, 1 прафесар, 3 дацэнты, 3 асістэнты кафедраў, якія практыкуюць у медыцыне. У 37 выпадках спецыяльнасць затрыманага засталася невядомай, яшчэ ў 15 выпадках пазначана проста як «урач». Падрабязная інфармацыя прадстаўлена ў табліцы ніжэй (у ёй «іншыя» — гэта спецыяльнасці з колькасцю выпадкаў 3 і меней).

Гэтыя звесткі дапасуюцца да іншых ускосных паказчыкаў. Напрыклад, у 2023 годзе анестэзіёлагі аказаліся самымі запатрабаванымі вузкімі спецыялістамі ва ўстановах аховы здароўя. Паводле запытаў на абвязковае працаўладкаванне выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, мелася 375 вакансій па гэтым профілі.

Усяго намі было зафіксавана 363 эпізоды палітычных рэпрэсій у дачыненні да 299 супрацоўнікаў сферы аховы здароўя: некаторыя ўрачы затрымліваліся неаднаразова, максімальна — 4 разы. Крымінальныя абвінавачванні былі прад'яўленыя 41 медыку (з максімальным тэрмінам пакарання 9 гадоў).

Большасць медыцынскіх работнікаў была затрымана ў час пратэстаў ці проста на вуліцы ў перыяд актыўнай фазы пратэстаў у 2020 годзе, таму их прафесія не была адразу відавочнай для тых, хто іх затрымліваў. Тым не менш, мінімум у 12 выпадках супрацоўнікаў медыцынскіх устаноў забіралі наўпрост з дому, з працоўнага месца альбо ў час аказання медыцынскай дапамогі, што выключае магчымасць няправільнай трактоўкі сітуацыі прадстаўнікамі сілавых органаў.

Сама меней у 13 выпадках паведамлялася пра ўжыванне фізічнай сілы і збіванне. Больш за палову выпадкаў (191 эпізод) адбылося на працягу першых пяці месяцаў пасля выбараў 2020 года (з жніўня па снежань). Дзеля параўнання, за наступныя 2022–2024 гады было зафіксавана 125 выпадкаў (яшчэ ў 46 эпізодах год не быў вызначаны). Такая тэндэнцыя абумоўлена скарачэннем пратэстных акцый з прычыны немагчымасці іх правядзення, а таксама змяншэннем колькасці паведамленняў пра парушэнні правоў чалавека па меры ўзмацнення рэпрэсій з-за страху перад дадатковым праследаваннем.

У 2024 годзе мы не атрымлівалі паведамленняў пра затрыманні медыцынскіх работнікаў на акцыях пратэсту (праўда, не атрымлівалі і паведамленняў аб іх масавым правядзенні). Усе вядомыя выпадкі звязаныя з мэтанакіраваным праследаваннем з боку сілавых структур. Прычынамі затрыманняў, у прыватнасці,  сталі падпіскі на акаўнты ў сацыяльных сетках і падтрымка палітзняволеных, напрыклад, адпраўка зняволеным пасылак з прадметамі першай неабходнасці.

Атрыманыя дадзеныя дазваляюць зрабіць пэўныя высновы:

Па-першае, рэпрэсіі ў дачыненні медыцынскага персаналу не з'яўляюцца выпадковымі. Яны пакрываюць усе рэгіёны краіны, бальніцы і ВНУ, датычацца прадстаўнікоў абодвух палоў і ўсіх узроставых катэгорый.

Па-другое, пасля заканамернага ўсплёску адміністрацыйных затрыманняў у перыяд актыўнай фазы пратэстаў у 2020 годзе ў наступныя гады агульная колькасць выпадкаў палітычных рэпрэсій не змяншаецца, а па некаторых ускосных дадзеных, можа ўзрастаць. Проста падзеі 2020 года лепш задакументаваныя, а ў апошні час сістэма стала больш закрытай.

Па-трэцяе, відавочны трэнд на узмацненне жорсткасці пакаранняў. Калі агульная колькасць спраў па адміністрацыйных артыкулах скарачаецца, то колькасць крымінальных спраў застаецца на ранейшым узроўні, а тэрміны толькі павялічваюцца.

Рэдакцыя «Белых Халатаў» падрабязна пісала пра гэты выпадак: жорстка збітага «сілавікамі» ўрача з Віцебска затрымалі вясной пасля чат-рулеткі з правакатарам і асудзілі на 4 гады калоніі. Абвінавачанні супраць урача ўключалі «распальванне варожасці» і «рэабілітацыю нацызму». Публікацыя суправаджалася наступным запісам: «Быў затрыманы з жорсткім прымяненнем фізічнай сілы, а маглі б і падстрэліць». Як паведамляе канал «Віцебск, я гуляю!», следам прайшла «карусель арыштаў», пасля якой адбылося 6 судоў па артыкулах «Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацыстскай сімволікі або атрыбутыкі» і «Парушэнне парадку арганізацыі і правядзения масавых мерапрыемстваў».

Па-чацвёртае, побач з увядзеннем пасад намесніка галоўнага ўрача па кадрах і бяспецы, мы адзначаем пераход рэпрэсій на новы ўзровень: ад праследаванняў па канкрэтных выпадках да сістэмнага звальнення ўсіх нелаяльных рэжыму супрацоўнікаў і, у шэрагу выпадкаў, нават да забароны на прафесію. У медыцынскія ўстановы з сілавых органаў прыходзяць «чорныя спісы», складзеныя па розных крытэрыях. У гэтыя спісы, у прватнасці, трапляюць тыя, хто пакідаў подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты РБ у 2020 годзе.

«Работа з персаналам» праводзіцца рэгулярна. Цяпер, акрамя звальнення за невыхад на працу па няўважлівай прычыне (напрыклад, з-за адміністрацыйнага затрымання), практыкуецца звальненне па «уласным жаданні» альбо непадаўжэнне кантракта. Адміністрацыйны ўціск выкарыстоўваецца ў выпадках адмовы ад уступлення ў прафсаюз ці адмовы ад падпіскі на дзяржаўныя перыядычныя выданні.

Рэдакцыя «Белых Халатаў» мае звесткі пра падобныя выпадкі, а таксама фота- і аўдыяматэрыялы, якія пацвярджаюць факты рэпрэсій. Аднак, з-за немагчымасці іх публікацыі и складанасці доказу прычынна-выніковай сувязі, напрыклад, паміж вербальнымі пагрозамі і непадаўжэннем кантракта, на дадзеным этапе гэтыя выпадкі таксама не былі ўключаныя ў статыстычны аналіз, хаця і добра адлюстроўваюць характар застрашэння.

Важна адзначыць, што намеснікі галоўнага ўрача па кадрах і бяспекі ніяк не адказваюць за якасць аказання медыцынскай дапамогі, аднак напрамую ўплываюць на наяўнасць кваліфікаваных кадраў. Галоўныя ўрачы, якія знаходзяцца пад уціскам сілавых структур, у большасці выпадкаў не маюць магчымасці абараніць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Такім чынам, прафесіяналізм прыносіцца ў ахвяру «лаяльнасці».

На сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў 2024 годзе рэпрэсіі ў сферы аховы здароўя не зменшыліся. Яны маюць масавы і сістэмны характар, і ў той ці іншай форме закранулі практычна кожнага ўрача, фельчара і медсястру.

ПОДДЕРЖАТЬ БЕЛЫЕ ХАЛАТЫ
Благодаря вашим донатам мы продолжаем работу и делаем ее профессионально

Читайте также