02-11-2024

«Зрабіць хоць што-небудзь». Пра палітычную барацьбу і фуфламіцыны

Калонка ўрача Паўла Перапёлкіна

На сёння існуе вялікая колькасць лекавых прэпаратаў, якія не маюць рэальнай эффектыўнасці пры лекаванні захворванняў, але, тым не менш, яны даволі шырока распаўсюджаныя і нярэдка прызначаюцца лекарамі. Гэта цэлыя групы прэпаратаў, такія як наатропы, імунамадулятары, універсальныя супрацьвірусныя і г. д. І, хоць сёння ужо шмат сказана пра тое, што яны не працуюць, што гэта не болей чым плацэба, тым не менш многія лекары актыўна іх прызначаюць.Таму ёсць розныя прычыны, у тым ліку і праблемы кваліфікацыі лекараў, адсутнасць нармальнай сістэмы падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Але зараз я хацеў бы пагаварыць крыху пра іншае. Пра палітыку.

Фуфламіцыны часта прызначаюцца там, дзе доказная медыцына гаворыць, што лекі альбо не патрэбныя, альбо на сёння эффектыўных біялагічных сродкаў не існуе. Гэта стварае пэўны «вакуум». Чакаюць і пацыент, і лекар, сам ад сябе, прызначэння пэўных медыкаментаў, калі выяўлена захворванне, пастаўлены дыягназ. І ўзнікае сітуацыя, у якой часта гучыць фраза накшталт «Ну зрабіце хоць што-небудзь».

І вось такім «што-небудзь» і з’яўляюцца фуфламіцыны. Нібыта лекар і робіць, што «павінен» – прызначае медыкаменты. Ён можа нават сам добра разумець, што не варта ад іх чакаць клінічнага эффекту. Але так спакойней і пацыенту, і яму самому. Тым больш, што рэальнай шкоды ад фуфламіцынаў звычайна чакаць не варта. Без эффекту, але адносна бяспечна.

Так, такая схема сапраўды можа працаваць і прыносіць пэўную палёгку пацыенту на узроўні плацэба.

Але шкода можа быць звязана не толькі з біялагічнымі наступствамі (у гэтым сэнсе фуфламіцыны сапраўды ў большасці сваёй адносна бяспечныя). Такая схема стварае ілюзію. І менавіта ў ёй можа хавацца небяспека. І пацыент, і лекар знаходзяцца ў іллюзіі, што яны нібыта нешта робяць, нібыта нешта адбываецца і павінна прывесці да пэўнага выніку. А на самой справе пры такім падыходзе чакаць яго не варта.

Так, напрыклад, дзіцяці з РАС (расстройства аўтыстычнага спектру) патрэбная псіхолага-педагагічная дапамога, але ўсе чакаюць чараўніцтва ад умоўнага фенібуту ці картэксіну. А час ідзе і з яго цягам дзіця ўсё больш страчае магчымасць кампенсаваць, развіць ці адаптаваць пэўныя навыкі і функцыі.

Так чалавек с цукровым дыябетам, замест таго, каб сачыць за ўзроўнем цукру і карэгаваць дыету, разлічвае, што умоўны кавінтон абароніць яго сасуды і прадухіліць ускладненні хваробы.

Гэта ўсё пра фуфламіцыны. Але чаму я ў назве згадаў палітычную барацьбу? Вельмі часта чую ад знаёмых, у дачыненні да сітуацыі ў Беларусі, усё тую ж фразу, з якой часта стартуе прызначэнне фуфламіцынаў: «Трэба рабіць хоць нешта”. Так, згодны, сядзець, склаўшы рукі і нечага чакаць – ідэя не з лепшых. Але і пайсці за гэтым «хоць нешта» – таксама шлях у нікуды. Дакладней, гэта шлях да іллюзіі.

Іллюзіі, што мы нешта рабім і абавязкова павінен быць вынік. Але на самой справе гэта зусім не абавязкова. Сродкі палітычнай барацьбы, звяржэння дыктатуры, як і лекавыя прэпараты – зусім не абавязкова ўсе працуюць. І мы можам невызначальна доўга працягваць «нешта рабіць», веруючы ў абавязковы добры вынік, і так і пакінуць нашым нашчадкам Беларусь, уцягнутую ў дэспатызм, цемрашальства і фашызм.

Так, напрыклад, досвед паказаў, што з дыктатурай не працуюць мірныя сродкі – мітынгі, звароты, забастоўкі і г.д. Усе гэтыя сродкі добрыя для дэмакратый, калі яны для ўлады з’яўляюцца сігналам пачаць размаўляць з народам. Але дыктатура не размаўляе з народам. Яна толькі аддае загады і рэпрэсуе.

І, як і з фуфламіцынамі, такая ілюзія можа добра падтрымлівацца фактарам бяспекі – нешта робім і, галоўнае, застаемся ў бяспецы.

Безумоўна, бяспека – важны фактар. Як мінімум, таму шта з-за кратаў зусім нічго нельга зрабіць. Але, памятаючы пра бяспеку, не трэба забываць і пра эффектыўнасць.

Так, ведаю, вы скажаце: «Як ты такі разумны і крытыкуеш ініцыятывы, дык прапануй альтернатыву!» У мяне, верагодна, як і амаль ва ўсіх беларусаў няма гатовага рэцапту, алгарытму накшталт «робім так, потым так і будзе нам шчасце». У мяне няма пілюлі з даказанай эфектыўнасцю ад гэтай хваробы. Але гэта не значыць, што яе не існуе.

І мая прапанова ў тым, што, па-першае, не трэба чакаць, пакуль гэтую пілюлю хтосці выцягне з кішэні і падаруе нам, або я, або лідэры дэмсіл, або іншыя краіны. Гэта яшчэ глыбей апускае нас у бездапаможнасць, якой у нас і так занадта. А, па-другое, шукаць гэтае рашэнне (кожнаму з нас) патрэбна не зыходзячы з прынцыпу «рабіць нешта», а мэтанакіравана. І тут я зноў скарыстаюся аналогіяй з лекамі. У дзейных лекаў існуе механізм дзеяння. Не нейкі аморфны, а заснаваны на дакладным разуменні таго, як пэўнае рэчыва будзе «працаваць» з пэўнымі біяхімічнымі і фізіялагічнымі працэсамі і выпраўляць паталагічныя механізмы. Менавіта абгрунтаванае разуменне гэтага і робіць праваздольным меркаванне, што менавіта гэты лекавы сродак будзе ў канкрэтным выпадку эффектыўным.

Толькі разуменне таго, што з сябе ўяўляе дыктатура, на якіх прынцыпах і механізмах яна працуе, чым яны кардынальна адрозніваюцца ад нармальных механізмаў у дэмакратычным цывілізаваным грамадстве, дазволіць нам зразумець менавіта як яе можна перамагчы, замест таго, каб у сляпой надзеi рабіць «хоць што-небудзь».